«НЕПЕРАМО́ЖНАЯ АРМА́ДА»
(ісп. «La Armada invencible»),
буйны ваен. флот, створаны Іспаніяй у 1586—88 для заваявання Англіі ў час англа-ісп. вайны 1587—1604. Складалася з высакабортных цяжкакіроўных караблёў, прызначаных пераважна для абардажнага бою (128 караблёў з 2,4 тыс. гармат, больш за 8 тыс. матросаў і 19 тыс. салдат). «Н.а.» пад камандаваннем герцага А.П.Медыны-Сідоніі 30.5.1588 выйшла з Лісабона, але з-за шторму затрымалася ў Ла-Каруньі да 22 ліпеня. Меншыя, але больш манеўраныя англ. караблі з моцнай артылерыяй (197 караблёў з 6,5 тыс. гармат, 12 тыс. матросаў і 4 тыс. салдат) пад камандаваннем Ч.Хоўарда і Ф.Дрэйка 31 ліп. — 8 жн. ў Ла-Маншы неаднаразова атакавалі «Н.а.» і нанеслі ёй значныя страты (патапілі каля 20 караблёў). Не дасягнуўшы мэты, ісп. флот рушыў вакол Брыт. а-воў назад у Іспанію, але каля Аркнейскіх а-воў і берагоў Ірландыі ў выніку шторму каля 40 караблёў патанулі, і ў вер. 1588 у Сантандэр вярнуліся толькі 65 караблёў з 9—10 тыс. чал. Гібель «Н.а.» падарвала марскую магутнасць Іспаніі.
Літ.:
Стенюи Р. Сокровища Непобедимой Армады: Пер. с фр. М., 1979.
т. 11, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)